ПАВЕ́ТРАНА-ДЭСА́НТНЫЯ ВО́ЙСКІ (ПДВ),

род войск, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў у тыле праціўніка. Уваходзяць у склад узбр. сіл многіх дзяржаў. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў парашутна-дэсантных, танк., артыл. і інш. войск. Зарадзіліся ў 1930-я г., найб. развіццё атрымалі напярэдадні 2-й сусв. вайны ў СССР, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Напр., у 1935 на Кіеўскіх і ў 1936 на Беларускіх манеўрах Чырв. Арміі было дэсантавана 3 тыс. парашутыстаў, 8200 чал. з артылерыяй, лёгкімі танкамі і інш. баявой тэхнікай высаджаны пасадачным спосабам. ПДВ шырока выкарыстоўваліся ў ходзе 2-й сусв. вайны. У пасляваенны час ПДВ СССР прымалі ўдзел у лакальных войнах, у т.л. ў Афганістане (1979—89), а таксама ў шэрагу вучэнняў, у т.л. на тэр. Беларусі [напр., «Дзвіна» (1970) і інш.]. ПДВ некаторых дзяржаў выкарыстоўваюцца ў аб’яднаных сілах ААН. Сучасныя ПДВ здольны хутка дасягнуць аддаленых раёнаў, наносіць нечаканыя ўдары па праціўніку, весці агульнавайсковы бой, могуць выконваць задачы са злучэннямі і часцямі інш. відаў (родаў) войск. Аснашчаны комплексам сродкаў дэсантавання людзей, тэхнікі і ўзбраення (трансп. самалёты, верталёты, парашуты, парашутныя і парашутна-рэактыўныя сістэмы, дэсантныя кантэйнеры, платформы для скідвання тэхнікі, узбраення і інш.). Ва Узбр. Сілах Беларусі на базе ПДВ (паветрана-дэсантная дывізія і інш. часці) у 1995 створаны мабільныя сілы.

В.М.Пташнік.

Паветрана-дэсантныя войскі на вучэннях.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)